"Не пакідайце ж мовы нашай..." Гэтыя словы класіка можна было б выкарыстаць у якасці эпіграфа да новага спектакля "Translations" Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Твор ірландскага драматурга Брайана Фрыла, у якім расказваецца гісторыя культурнай і моўнай асіміляцыі англічанамі нашчадкаў святога Патрыка, падаўся актуальным беларускаму рэжысёру Мікалаю Пінігіну. І не выпадкова ўзнік ён у эпоху глабалізацыйнай канкурэнцыі культур, на хвалі пошуку універсальнай мовы, здольнай спрасціць міжнацыянальныя і міжчалавечыя камунікацыі.
Калі прыгледзецца больш пільна да самога твора, становіцца відавочна, што ў ім няма як такога падзелу на "добрых" ірландцаў і "дрэнных" англічан. Знешні канфлікт аказваецца выключна фармальным.
Мікалай Пінігін застаецца паслядоўным, з аднаго боку, у прастаце сцэнічнага выказвання, а з іншага - прапускаючы тэатральную гісторыю праз уласны светапогляд. Акурат гэткая асаблівасць яго рэжысёрскага выказвання "ад першай асобы", сярод іншага, і прыцягвае гледачоў да спектакляў творцы цягам многіх гадоў. Аднак калі гаварыць больш падрабязна пра глядацкі інтарэс, нельга не зазначыць, што даволі значная частка прыхільнікаў рэжысёра аказалася... расчараванай. Ад Пінігіна прагнулі яркага, насычанага сцэнічнага відовішча, якімі ў свой час былі яго спектаклі па беларускай класіцы, - чакалі працягу "Тутэйшых" у версіі "праз дваццаць гадоў".
Асобнай радасцю ў спектаклі стала работа сцэнографа (Пётр Окунеў) і мастака па касцюмах (Вольга Шаішмелашвілі ) , запрошаных з Санкт-Пецярбурга. Нягледзячы на знешнюю прастату самой сцэнаграфічнай канструкцыі, немагчыма было не заўважыць, наколькі тонка і дакладна працуюць мастакі з тонамі, чаго ў беларускіх тэатрах сёння ўжо не сустрэнеш. У спектаклі акварэльным багаццем нюансіровак, насычаным амаль тактыльнымі адчуваннямі, вылучаецца шэра-карычневая гама, па-туманнаму халодная і, разам з тым, такая жывая, пералівістая. І, як цягам сцэнічнай дзеі праз гэтую шэрань усё ярчэй праступалі адценні і нюансы колеру, так, магчыма, праз некалькі прэм'ерных паказаў і ў спектаклі праступіць, выгравіруецца тая думка, якая так прывабіла рэжысёра Мікалая Пінігіна і падштурхнула да пастаноўкі гэтага, безумоўна, нешараговага твора на беларускай сцэне.//Юрак Талашка










Даслаць камэнтар