eng  |  de  |  fr  |  ru  |  ua






Пошук:

Навігацыя

Уваход на сайт

Апытанне

Рассылка

Падпішыся на рассылку


Рэкамендуем

Кампутарны перакладнік


Архіў навін

Ці магчымае ў Беларусі фільтраваньне Сеціва?

Беларускіх форумных і блогавых камэнтатараў можна ўмоўна падзяліць на дзьве групы: “закаранелыя аптымісты”, якія паліваюць брудам крытыкаў і лічаць, што “ў Багдадзе ўсё спакойна”, і закаранелыя пэсымісты, у якіх як што – дык адразу вінаваты “крывавы рэжым”. Апошняя катэгорыя вельмі схільная да выстаўленьня зь сябе ахвяраў, дзе кожная ініцыятыва – гэта абавязкова да горшага, першая ж почасту рэжа поўную бяўглузьдзіцу, якая, мабыць, вынікае альбо зь няведаньня становішча, альбо зь перадозу дзяржаўнымі СМІ. Схільныя ж жа спакойнага й лягічнага аналізу падзеяў камэнтатары ў нас абсалютнай меншасьці. Гэта нават ня меншасьць, а каліўца.

 Такі пачатак у спалучэньні з назвай ніяк ня значыць, што я зараз кінуся абяляць новы пачын адміністрацыі прэзыдэнта, які накіраваны на кантроль Інтэрнэту. У Сеціве вісіць адпаведны праект указу (праўда, без паданьня аніякае крыніцы), які некаторыя крыніцы чамусьці падаюць як “падпісаны ” (перакладаю: “усё, Нэт кантралююць, нам гамон, канец Інтэрнэт вольніцы, мы ахвяры, ааа, ратуйце!”). Але калі ўчытацца ў тэкст, то становіцца зразумелым, што нават калі гэты ўказ і будзе падпісаным, то ўкараненьне комплексу захадаў, перадугледжаным у ім, адбудзецца напоўніцу не раней за паўгады пасьля набыцьця ім моцы (пункт 2.2, тэкст ніжэй). А сам указ набывае моц толькі праз паўгады пасьля ягонага падпісаньня (пункт 6). Выходзіць год. Год для Сеціва – час вялікі, шмат што можа зьмяніцца. Гэта ў выпадку, калі нешта будзе падпісаным у чым я, па шчырасьці, вельмі моцна сумняюся.

Зьмены ў анлайн тэхналёгіях адбываюцца ня раз і ня два на год, а трываюць стала, і лік ідзе на дні. Выкарыстаньне тэрмінаў “паўгады”, “год” папросту дэманструе, што нашая намэнклятура лічыць, што разьвіцьцё Інтэрнэту кіруецца тымі самымі прынцыпамі, што й разьвіцьцё нейкага прадпрыемства цяжкай прамысловасьці, дзе перамены вымагаюць тых самых паўгадоў. Але такога не бывае. Першыя ананімайзэры зьявіліся амаль упоравень з пачаткам фільтрацыі зьмесьціва некаторымі краінамі, да пулу якіх так зацята ймкнецца далучыцца Беларусь. Зьяўленьне й станаўленьне блогаў заняло некалькі гадоў, зараз жа жыцьцёвы цыкль размаітых сацыяльных мэдыяў (сацсетак, Тўітэру, Плёрку й падобных) лічыцца на значна меншыя тэрміны.

Захады, прапісаныя ў тым самым указе (захоўваньне зьвестак пра карыстальнікаў Сеткі правайдэрамі цягам пэўнага пэрыяду часу, перадача інфармацыі “ворганам”, а таксама абмежаваньне “па запыце карыстальніка” дасягу да “экстрэмісцкіх рэсурсаў”) – ня новыя: яны былі цалкам сьпісаныя з адпаведных расейскіх тоесьнікаў (у Расеі дзейнічае сыстэма СОРМ, якую правайдэры абавязаныя ўсталёўваць на свае сеткі пад пагрозай страты ліцэнзіі, і якая дазваляе ажыцьцяўляць усе тыя самыя захады, што перадугледжвае праект указу). Ды й зрэшты, што тут новага можна выдумаць? Нават кітайская Зялёная Дамба (Green Dam – праграмны комплекс, якім неўзабаве мецьмуць абсталёўвацца усе кампы, што прадаюцца ў Паднябёснай, аналізуе ключавыя словы сайтаў, да якіх пераходзіць карыстальнік, і ў выпадку зьбегу апошніх з дэфініцыямі ў сьпісе забароненых аўтаматычна блякуе дасяг да бачыны; апроч таго, яна здатная на падставе сэмантычнага аналізу дапаўняць сьпіс забароненых словаў)- не панацэя, бо ейны механізм самапапаўненьня забароненых словаў пачаў даваць збоі, што, упэўнены, вымусіла кітайскі ўрад да дапрацоўкі сыстэмы, якая каштуе зусім ня мала $$$. Якіх, уласна кажучы, у беларускага ўраду няма.

Скажу болей: наўрад ці беларускі ўрад будзе здатны на ўкараненьне сыстэмы “разумнай фільтрацыі ” й сачэньня, якія выкарыстоўвае Пекін. Па-першае, гэта каштуе грошаў, якія Кітай сабе можа дазволіць, а мы – не. Па-другое, Кітай можа сабе дазволіць аплату так званай 50-cent party – каманды добраахвотных памочнікаў альбо аплочаных спэцыялістаў Сеціўнай паліцыі, якія флудзяць дыскусіі, накіроўваючы іх у патрэбнае рэчышча. У Беларусі ж гэтая праява мае вельмі спарадычны і, прабачце, тапорны характар: камэнтары “штатных супрацоўнікаў” стракацяць клішэ й вельмі лёкка абвяргаюцца, ды й выглядаюць вельмі тыпова. Я далёк ад думкі, што ўсе “зацятыя аптымісты” на форумах знаходзяцца там “з працы”: проста ў людзей таксама можа быць падобнае меркаваньне (з улікам ахопу нашай тэлевізіі). Іншая справа, што, калі адкінуць усіх апошніх, то штатных камэнтатараў там сапраўды застаецца няшмат. Магчыма, у нас няшмат і рэсурсаў, дзе могуць разгарэцца занадта разумныя размовы, але ў кожным разе іхная колькасьць будзе расьці з патаньненьнем Інтэрнэту, і наіўна лічыць, што вартымі ўвагі застануцца толькі НН ды Хартыя альбо Народная Воля. А калі колькасьць штатных камэнтатараў не расьце – гэта азначае альбо недахоп грошаў, альбо неўразуменьне ўсяго абсягу праблемы. А значыцца – і неразуменьне характару й працэсаў Сеціва.

Дадам наконт “запісваньня дадзеных карыстальнікаў”: калі Вы вылазіце з дому без ананімайзэру, то Вас і так вельмі лёкка адсачыць, бо лог наведаных з пэўнага нумару альбо ІР бачынаў і так захоўваецца на сэрваку. І я далёк ад думкі, што ў нашай краіне гэтыя логі хутка выціраліся. Іншая справа, што зараз правайдэрам спатрэбіцца болей магутнасьцяў, каб захоўваць іх такі працяглы час як год. Увогуле, ананімнасьць у Сеціве – панятак умоўны. Яго гарантуе альбо ТОР, альбо ананімайзэры, пра якія 99,9% паспалітых карыстальнікаў нават і ня думаюць.

Абмежаваньне доступу да пэўных сайтаў – панятак вельмі ня новы: згадайце, што пачало адбываца на ЖЧ напачатку грузінскай вайны: расейскія карыстальнікі ладзілі кампаніі ліставых атакаў кіраўніцтва платформы з мэтай закрыцьця прагрузінскіх блогаў на падставе “парушэньня апошнімі рэгулаў пляцоўкі”. У нас, як вынікае з праекту ўказу, досыць будзе аднаго запыту (пункт 1.5), каб перапыніць доступ да сайту. Цікава, як будуць разьбірацца “ворганы” з запытамі ад кампаніяў, якім карціць прыкрыць Інтэрнэт-прадстаўніцтвы канкурэнтаў, альбо з звычайным хуліганцтвам? Спароджаную хвалю запытаў немагчыма будзе своечасова апрацаваць, што азначацьме адцятасьць пэўных сайтаў ад карыстальнікаў на некаторы час. Уяўляеце сабе, як падсядуць на каня кампаніі, якіх заблякавалі на запыт канкурэнтаў, калі іхны сайт будуць “ацэньваць” на “лаяльнасьць” зьмесьціва паўгады (хутчэй і ня выйдзе)?

Хутчэй за ўсё, гэты пункт накіраваны менавіта на палітычныя сайты. Але перапрашаю, што замінала нашым уладам блякаваць дасяг да асабліва “нелаяльных” паводле ІР і раней (згадайце акцыі апазыцыі ў 2004-2007 і блякоўку Свабоды, Хартыі, Нівы на асабліва гарачыя дні), у адсутнасьць нейкае заканадаўчае базы? Нічога. Ці дасьць новы ўказ магчымасьць проста прыкрываць падобныя сайты, на ўзроўні хостынгу? Сумняюся: мала хто зь іх зараз хосьціцца ў Беларусі, ды й увогуле з улікам нашага сэрвісу й цэньніку нават камэрцыйным кампаніям лепей пераяжджаць на хост-пляцоўкі ў іншых краінах. Адзінае, што застанецца – заблякаваць дасяг паводле ІР. Але аўдыторыя тых сайтаў ужо даўно ведае пра ананімайзэры й той самы Тор. А блякаваць доступ да камэрцыйных сайтаў? Ну, я апісаў вышэй, што можа здарыцца.

Ствараецца ўражаньне, што гэты ўказ быў створаны толькі пад тое, каб пагандлявацца з Эўропай (маўляў, мы НЯ будзем укараняць перадугледжаныя ўказам захады, а Вы дапамагацьмеце нам і надалей). Памятаеце “стварэньне” новых палітычных вязьняў-закладнікаў дзеля гандлю з Эўропай? Гульня працягваецца. Толькі на ўзроўні Інтэрнэту. Бо што б хто не казаў, беларускае кіраўніцтва ВЕЛЬМІ моцна залежыць ад эўрапейскіх пазыкаў. І што б не заяўлялася пра тое, што мы ўсё рабіцьмем на свой капыл і Эўропа нам не ўказ, усе разумеюць, што лепей працаваць з Брусэлям, які дае грошы наўзамен зьбліжэньня й не патрабуе смачных прадпрыемстваў і дзелі ў Белнафтагазе, чым з Расеяй, якая ўсю дапамогу ўвязвае да пэўных палітыка-эканамічных саступак. А так недалёка й да страты ўлады.

P.S. Апакаліптычныя прагнозы, што нас могуць пакінуць без мабільнай сувязі праз новы ўказ (маўляў, вылязе нехта з мабілкі на недазволены сайт, ці напіша нешта “супраць заканадаўства Беларусі” - балазё досьвед пазоваў супраць сайтаў за ананімныя камэнтары, на сайтах зьмешчаныя, мы ўжо маем -, і ў Вэлкома, Лайфа ці МТСа ў адпаведнасьці з указам адклічуць ліцэнзію за тое, што “”недобдили”) мог бы выглядаць рэалістычным у Бірме. Нават не ў Іране і тым болей не ў нас. Уяўляеце сабе, што значыць абрубіць нават 1 000 000 карыстальнікаў мабільнай сувязі? Мала нікому не падасца. А паколькі нашыя ўлады імкнуцца рабіць ўсё як мага болей незаўважна (праўда, не заўсёды выходзіць: чаго вартыя адныя разгоны моладзі амонаўцамі ў тым самым ліку), то абрубаць мільён (гэта прынамсі, бо база карыстальнікаў мабільнага Інтэрнэту неўзабаве можа сягнуць гэтае лічбы) ніхто не наважыцца: занадта шмат розгаласу.

Вось і выходзіць: мо й прымуць, але як рэалізоўваць пры адсутнасьці грошаў і ў нашым статус-кво, з залежнасьцю ад крэдытаў з абодвух бакоў?//ibelarus.net

----------------------

 

(тэкст указу ў перакладзе Нашае Нівы)

Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

2009 № г.Мінск

Аб мерах па ўдасканаленні выкарыстання нацыянальнага сегмента глабальнай камп’ютэрнай сетцы Інтэрнэт

У мэтах забеспячэння абароны жыццёва важных інтарэсаў асобы, грамадства і дзяржавы ў інфармацыйнай сферы, стварэння ўмоў для далейшага развіцця нацыянальнага сегмента глабальнай камп’ютэрнай сеткі Інтэрнет *:

1. Устанавіць, што:

1.1. аказанне паслуг на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь з выкарыстаннем нацыянальнага сегмента глабальнай камп’ютэрнай сеткі Інтэрнэт (далей ‑‑ сетку Інтэрнэт) ажыццяўляецца з дапамогай размяшчаемых на дадзенай тэрыторыі і зарэгістраваных ва ўстаноўленым парадку інфармацыйных сетак, сістэм, рэсурсаў, у тым ліку сетак электрасувязі і комплексаў праграмна‑тэхнічных сродкаў (далей ‑‑ рэсурсы нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнэт).

Рэгістрацыя рэсурсаў нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнэт ажыццяўляецца ў парадку, вызначаным Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь па ўзгадненні з Аператыўна‑аналітычным цэнтрам пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Звесткі аб зарэгістраваных рэсурсах нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнэт перадаюцца ў Аператыўна‑аналітычны цэнтр пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь у парадку і аб’ёмах, што вызначаюцца гэтым Цэнтрам;

* Пад нацыянальным сегментам глабальнай камп’ютэрнай сетцы Інтэрнэт разумеецца сукупнасць інфармацыйных сетак, сістэм, рэсурсаў, у тым ліку сетак электрасувязі і комплексаў праграмна‑тэхнічных сродкаў, якія маюць падключэнне да гэтай сеткі, абмежаваная тэрыторыяй і (або) даменнай прасторай Рэспублікі Беларусь.

1.2. аператары электрасувязі, а таксама іншыя юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія аказваюць паслугі па выкарыстанні сеткі Інтэрнэт (далей ‑‑ пастаўшчыкі паслуг сеткі Інтэрнэт), абавязаны ідэнтыфікаваць * карыстальнікаў сеткі Інтэрнет **, якім яны аказалі дадзеныя паслугі.

Інфармацыя аб ідэнтыфікацыі карыстальнікаў сеткі Інтэрнет падлягае захоўванню пастаўшчыком паслуг сеткі Інтэрнет не менш аднаго года і прадастаўляецца па патрабаванню дзяржаўных органаў, якія ажыццяўляюць аператыўна‑вышуковую дзейнасць, органаў пракуратуры, папярэдняга расследавання, падатковых органаў, судоў;

1.3. размяшчэнне інфармацыйных рэсурсаў і доступ да сеткі Інтэрнэт дзяржаўных органаў і арганізацый, а таксама іншых арганізацый, якія выкарыстоўваюць у сваёй дзейнасці звесткі, якія складаюць дзяржаўныя сакрэты, ажыццяўляецца ўпаўнаважанымі пастаўшчыкамі паслуг сеткі Інтэрнет.

Упаўнаважаныя пастаўшчыкі паслуг сеткі Інтэрнэт:

забяспечваюць цэласнасць, канфідэнцыяльнасць, даступнасць і захаванасць інфармацыі дзяржаўных органаў і арганізацый, якая размяшчаецца ў нацыянальным сегменце сеткі Інтэрнэт;

вызначаюцца Аператыўна‑аналітычным цэнтрам пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь па ўзгадненні з Кіраўніком дзяржавы;

1.4. пры парушэнні пастаўшчыкамі паслуг сеткі Інтэрнэт, карыстальнікамі сеткі Інтэрнет патрабаванняў гэтага Указа, а таксама іншага заканадаўства ў сферы выкарыстання нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнэт, аказанне паслуг з выкарыстаннем гэтай сеткі можа быць прыпынена або спынена ў парадку, устаноўленым Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Прыпыненне аказання паслуг з выкарыстаннем сеткі Інтэрнэт ажыццяўляецца па патрабаванню ўпаўнаважаных дзяржаўных органаў, а таксама дзяржаўных органаў, якія ажыццяўляюць аператыўна‑вышуковую дзейнасць, органаў пракуратуры, папярэдняга расследавання і падатковых органаў пры наяўнасці дастатковых падстаў меркаваць, што працяг такога доступу будзе спрыяць здзяйсненню правапарушэння.

Дзяржаўным органам, які выявіў правапарушэнне, выносіцца загад (прадстаўленне) аб ліквідацыі парушэнняў і ўстанаўліваецца тэрмін для іх ліквідацыі, які не можа перавышаць аднаго месяца.

* Пад ідэнтыфікацыяй разумеецца фіксацыя звестак, неабходных для ўстанаўлення пастаўшчыка паслуг і (або) карыстальніка сеткі Інтэрнет.

** Пад карыстальнікамі сеткі Інтэрнет разумеюцца юрыдычныя і фізічныя асобы, у тым ліку індывідуальныя прадпрымальнікі, якія выкарыстоўваюць інфармацыйныя сеткі, сістэмы, рэсурсы, у тым ліку сеткі электрасувязі і комплексы праграмна‑тэхнічных сродкаў сеткі Інтэрнет.

Калі названыя ў загадзе (прадстаўленні) парушэнні ва ўстаноўлены тэрмін не ліквідаваны, дзяржаўны орган звяртаецца ў суд для вырашэння пытання аб спыненні аказання паслуг Інтэрнэт.

Пастаўшчыкі паслуг сеткі Інтэрнет, якiя ажыццяўляюць дзейнасць з парушэннем патрабаванняў гэтага Указа, падлягаюць ліквідацыі (спыненне дзейнасці) па рашэнню суда ў парадку, устаноўленым заканадаўчымі актамі;

1.5. пастаўшчыкі паслуг сеткі Інтэрнет па запыце карыстальніка аказваюць паслугі па абмежаванні доступу да інфармацыі, змест якой накіраваны на:

ажыццяўленне экстрэмісцкай дзейнасці;

распальваньне нацыянальнай і рэлігійнай варожасці;

незаконны абарот зброі, боепрыпасаў, выбуховых, радыеактыўных, моцнадзеючых, таксічных рэчываў, наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх прэкурсораў;

арганізацыю незаконнай міграцыі і гандаль людзьмі;

распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў;

прапаганду гвалту, жорсткасці і іншых дзеянняў, забароненых заканадаўствам.

Упаўнаважаныя пастаўшчыкі паслуг сеткі Інтэрнет забяспечваюць ў абавязковым парадку абмежаванне доступу да гэтай інфармацыі пры аказанні паслуг з выкарыстаннем сеткі Інтэрнэт дзяржаўным органам (за выключэннем дзяржаўных органаў, указаных у частцы другой падпункта 1.2 гэтага пункта), дзяржаўным арганізацыям, установам адукацыі, культуры;

6. пастаўшчыкі паслуг сеткі Інтэрнет у сваёй дзейнасці абавязаны выконваць тэхнічныя нарматыўныя прававыя акты ў галіне электрасувязі і іншых паслуг з выкарыстаннем сеткі Інтэрнэт;

7. адказнасць за змест інфармацыі, размяшчаемай і перадаваемай у нацыянальным сегменце сеткі Інтэрнет, нясуць асобы, якія размясцілі гэтую інфармацыю, а пастаўшчыкі паслуг сеткі Інтэрнэт ‑‑ за непрыняцце мер па абмежаванні яе распаўсюджвання ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі;

8. спецыяльна упаўнаважаным дзяржаўным органам у сферы бяспекі выкарыстання нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнэт з’яўляецца Аператыўна‑аналітычны цэнтр пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, які:

каардынуе дзейнасць дзяржаўных органаў, пастаўшчыкоў паслуг сеткі Інтэрнэт па прадухіленні несанкцыянаванага распаўсюджвання абараняемай інфармацыі і забеспячэнні бяспекі пры выкарыстанні рэсурсаў нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнэт;

вызначае па ўзгадненні з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь пералік аператараў электрасувязі, якія маюць права непасрэднага доступу (далучэння) да міжнародных сетак электрасувязі, а таксама упаўнаважаных пастаўшчыкоў паслуг сеткі Інтэрнэт;

устанаўлівае парадак аказання паслуг па абмежаванні доступу карыстальнікаў сеткі Інтэрнэт да інфармацыі, забароненай да распаўсюджвання ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь;

прадстаўляе Рэспубліку Беларусь у міжнародных арганізацыях па пытаннях бяспекі, выкарыстання нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнэт;

рэгулюе дзейнасць у галіне рэгістрацыі даменных імёнаў у нацыянальных даменных зонах;

ажыццяўляе кантроль за выкананнем пастаўшчыкамі паслуг сеткі Інтэрнэт заканадаўства ў сферы забеспячэння бяспекі выкарыстання нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнэт;

ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.

2. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь:

2.1. у трохмесячны тэрмін:

2.1.1. вызначыць:

кампетэнцыю рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, падпарадкаваных Ураду Рэспублікі Беларусь, у сферы выкарыстання сеткі Інтэрнэт;

пералік паслуг, што аказваюцца з выкарыстаннем нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнэт і абавязкі пастаўшчыкоў паслуг сеткі Інтэрнэт па іх ўліку;

парадак прадастаўлення дзяржаўным органам, якія ажыццяўляюць аператыўна‑вышуковую дзейнасць, органаў пракуратуры, папярэдняга расследавання, падаткавым органам, судам інфармацыі, неабходнай для наступнай ідэнтыфікацыі карыстальнікаў сеткі Інтэрнэт і аказаных ім паслуг;

парадак прыпынення і спынення аказання паслуг у нацыянальным сегменце сеткі Інтэрнэт;

2.1.2. забяспечыць вызначэнне ўпаўнаважанымі рэспубліканскімі

органамі дзяржаўнага кіравання, падпарадкаванымі Ураду

Рэспублікі Беларусь, парадку рэгістрацыі рэсурсаў нацыянальнага

сегмента сеткі Інтэрнэт і прадастаўлення звестак аб уладальніках

інфармацыйных рэсурсаў у нацыянальным сегменце сеткі Інтэрнэт;

2.2. у шасцімесячны тэрмін:

распрацаваць і прадставіць на зацвярджэнне Прэзідэнту Рэспублікі 1 Беларусь праект Канцэпцыі па развіцці нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнэт;

вызначыць:

парадак дзяржаўнай рэгістрацыі сродкаў масавай інфармацыі, што распаўсюджваюцца праз сетку Інтэрнэт, і парадак распаўсюджвання іх прадукцыі;

парадак ідэнтыфікацыі карыстальнікаў сеткі Інтэрнет у месцах калектыўнага карыстання, у тым ліку карыстальнікаў інтэрнэт‑кафэ, хатніх сетак;

парадак рэгістрацыі інтэрнэт‑магазінаў, якія выкарыстоўваюцца для ажыццяўлення рознічнага гандлю, у Гандлёвым рэестры Рэспублікі Беларусь і механізм кантролю за іх функцыянаваннем;

забяспечыць цэнтралізаваны ўлік сетак электрасувязі, якія выкарыстоўваюцца для аказання паслуг у сетцы Інтэрнэт, адраснай прасторы нацыянальнага сегмента гэтай сеткі і прадастаўленне гэтых звестак у Аператыўна‑аналітычны цэнтр пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь;

забяспечыць правядзенне мерапрыемстваў па стандартызацыі паслуг з выкарыстаннем сеткі Інтэрнэт, механізмаў ідэнтыфікацыі карыстальнікаў, парадку ўліку аказваюцца паслуг, структуры інфармацыі, якая прадастаўляецца аператарамі паслуг Інтэрнэт дзяржаўным органам;

выпрацаваць меры па аптымізацыі кошту паслуг, што аказваюцца карыстальнікам сеткі Інтэрнэт;

забяспечыць прывядзенне актаў заканадаўства ў адпаведнасць з гэтым Указам і прыняць іншыя меры па яго рэалізацыі;

2.3. на працягу аднаго года:

ўнесці на разгляд Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь праект закона Рэспублікі Беларусь аб нацыянальным сегменце сеткі Інтэрнэт;

прыняць меры па далучэнні Рэспублікі Беларусь да Канвенцыі Рады Еўропы аб камп’ютэрных злачынствах, падпісанай 23 Лістапада 2001 ў г. Будапешце;

ўнесці прапановы па парадку здзяйснення здзелак з выкарыстаннем нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнет.

3. Нацыянальнаму банку сумесна з Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь у шасцімесячны тэрмін прыняць меры па ўдасканаленні сістэмы электронных плацяжоў у Рэспубліцы Беларусь.

4. Нацыянальнаму цэнтру заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь сумесна з Генеральнай пракуратурай, Вярхоўным Судом, Камітэтам дзяржаўнай бяспекі, Міністэрствам унутраных спраў і іншымі зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі на працягу года падрыхтаваць і ўнесці ва ўстаноўленым парадку на разгляд кіраўніка дзяржавы прапановы па ўстанаўленню адміністрацыйнай, крымінальнай ці іншай адказнасці за парушэнні заканадаўства ў сферы выкарыстання сеткі Інтэрнет.

5. Кантроль за выкананнем гэтага Указа ўскласці на Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Аператыўна‑аналітычны цэнтр пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

6. Гэты Указ уступае ў сілу праз шэсць месяцаў з дня яго афіцыйнага апублікавання, за выключэннем падпункта 1.8 пункта 1, пунктаў 2/4 і гэтага пункта, якія ўступаюць у сілу з дня падпісання гэтага Указа.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь

 

 

Даслаць камэнтар

  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Допускаются только следующие теги HTML: <a> <em> <strong> <cite> <code> <ul> <ol> <li> <dl> <dt> <dd>
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
  • Search Engines will index and follow ONLY links to allowed domains.

Подробнее о форматировании

Captcha Image: you will need to recognize the text in it.
Введите код подтверждения с картинки

Бягучае надвор'е
night-clear
Надвор`е ў Мінску
-4 °C Ясна, вецер Паўднёва-заходні, 7.2 км/г, ад. вільготнасць 74%
day-broken
Надвор`е ў Брэсце
0 °C Ірваныя аблокі, вецер Поўнача-заходні, 10.8 км/г, ад. вільготнасць 69%
night-clear
Надвор`е ў Гомелi
-6 °C Ясна, вецер Паўднёва-заходні, 14.4 км/г, ад. вільготнасць 73%
day-clear
Надвор`е ў Гродна
2 °C Ясна, вецер Паўднёва-заходні, 10.8 км/г, ад. вільготнасць 55%
day-clear
Надвор`е ў Віцебску
1 °C Ясна, вецер Паўднёва-заходні, 14.4 км/г, ад. вільготнасць 64%
night-clear
Надвор`е ў Магiлёве
-2 °C Ясна, вецер Паўднёвы, 3.6 км/г, ад. вільготнасць 54%

Апошнія праекты

Падручнік па пераходзе на родную мову

Далучайся!

  

Нашы партнёры

 

 

|   Галоўная   |   Нашы праекты   |   Мы   |   Далучайся!   |   ЖЖ   |   Vkontakte   |   Сувязь з намі   |
Copyright © Moladz.org, 2007. All Rights Reserved.
Akavita Rambler's Top100