Куршская каса – месца цалкам унікальнае. Пясчаная паўвыспа, што прымыкае да вялікай зямлі ў Калінінградскай вобласці і цягнецца па моры многія кіламетры ўздоўж расійскага і літоўскага ўзбярэжжаў. З аднаго боку амываецца водамі Балтыйскага мора, а з другога ўтварае заліў, у які ўласна ўпадае Нёман. Шырыня касы ўражвае - усяго ад 400 да 3800 метраў.
На літоўскай частцы касы стаіць невялічкі гарадок Ніда. Мноства маленечкіх чырвоных дамкоў, аздобленых незвычайнымі драўлянымі карункамі, нібы грувасцяцца на ўзбярэжжы заліва.
Паўсюль сноўдаюць шчаслівыя турысты, хто на ровары, хто на роліках, але ў асноўным пехатой. Доўгая ўтульная набярэжная заўсёды поўная ахвотных да прыморскага шпацыру. Чуюцца гаворкі: літоўская, польская, нямецкая, руская, беларускай.
У заліве вада значна цяплейшая за марскую, але тут ніхто не купаецца – брудна! Але рыбу вудзяць менавіта ў заліве. Рыбакі жывуць тут спрадвеку, на самым узбярэжжы. Яны нікуды не хаваючыся развешваюць свае доўгія сеці на прасушку і кожны можа адчуць рэзкі рыбны пах ды акунуцца ў атмасферу старога рыбацкага паселішча. А ў вёсачках, што крыху далей ад Ніды, на падворках рыбакоў стаяць маленькія вяндлярні і турысты каштуюць самую свежую рыбу.
Рай на ровары
Вандраваць па касе вельмі проста – на ровары!
У Нідзе літаральна на кожным кроку можна ўзяць ровар на пракат, і не проста ровар, а і з месцам для дзіцяці, або з люлькай для немаўляці. Есць яшчэ ровары чатырохколавыя, што змяшчаюць адразу ўсю сям’ю, ёсць і асобныя дзіцячыя. А калі раптам дождж перашкодзіць вашай вандроўцы і вы застанецеся ў хаце, ваш ровар забяруць па ўказаным вамі адрасе.
Маршрутаў для велавандровак мноства, можна праехаць кіламетраў шэсцьдзесят, але навічкам лепей абмежавацца хаця б дваццаццю, бо баліць усё жудасна, і здаецца, на ровар болей у жыцці не сядзеш! Падчас велавандроўкі можна прыпыніцца на рыбны абед у адной з вёсачак, або адпачыць на пляжы.
Мора чароўнае
Толькі вельмі халоднае. Бываюць дні, што ўлезці ў яго – адно геройства. Але бывае яно і даволі цёплым, асабліва калі крыху штарміць. Тады хвалі чапляюць гарачае паветра і мільёны маленькіх бурбалак, ідучы на дно, імгненна праграваюць ваду.
Дзюны
Бадай, самае моцнае ўражанне пакідаюць дзюны.
Горы абсалютна непладароднага пяску, дзе амаль нічога не расце. Самыя высокія дзюны ў Еўропе: 60 метраў увышыню. З вышэйшай кропкі дзюн відаць адразу і заліў і мора, з розных бакоў. Дзюны гэтыя незвычайныя яшчэ і тым, што яны вандроўныя. То бок яны пад дзеяннем вятроў паволі-паволі перасоўваюцца – вандруюць. У гісторыі касы не адна вёска засталася засыпаная пяскамі. Нават каменная кірха недзе схаваная пад магутным слоем пяску. Вядома, людзі паспявалі сысці з вёскі, калі бачылі, што больш чакаць немагчыма. Яны гадамі назіралі як дзюна наступае. Пясок «крочыць» недзе па метры ў год. Я наведвала Ніду два гады запар і на ўласныя вочы бачыла, як пяскі перасунуліся. Уражвае.
Большасць сцяжын – з спецыяльныга насцілу, які ратуе ад вытаптвання і агалення пяскоў. Таксама адмысловымі пляцёнкамі ўмацоўваюцца і схілы. На шыльдах просьба не спускацца проста па пясчаных схілах. Адзін чалавек, сыходзячы ўніз, пераварочвае тоны пяску.
Старонка з гісторыі
Гістарычна каса вядомая тым, што праз яе праходзіла самая кароткая паштовая дарога, што спалучала Кёнінгсберг (Калінінград) і Мемель (Клайпеду). Дарога была кароткая, але надзвычай суровая. Пяскі, вятры ды кепскія ўмовы пражывання на перавалачных станцыях. Часта коні цягнулі паштовую павозку па ўзбярэжжы, адным колам ў вадзе.//Юрак Талашка











Даслаць камэнтар