Менавіта сёння афіцыйна сканчваецца перапісная кампанія для асноўнай масы студэнтаў-перапісчыкаў. Сваімі ўражаннямі ад удзелу ў эпапеі “Перапіс-2009” дзеляцца студэнты БДУ.
1. Не ўсе атрымаюць нават 140 тысяч
Скандал на ўчастку № 5 Фрунзенскага раёна горада разгарэўся, калі на грып захварэла палова перапісчыкаў. Інструктары пачалі наязджаць на студэнтаў са словамі:”Калі не прыйдзеце, то мы вам вымову напішам”.
-- Асабіста мне сказалі, што за два дні маёй хваробы мне здымуць 30 тысяч, -- расказвае студэнтка 4-га курсу Марына, -- Я што і захварэць не магу?
Многія студэнты абураюцца, што іх дадаткова нагружалі яшчэ ўчасткамі.
-- Я перапісала свой участак за чатыры дні, - гаворыць пяцікурсніца Юля, -- А мне далі яшчэ адзін дом і я іх таксама перапісала. Але заплацяць мне тыя ж грошы. Як гэта зразумець?
-- Усё залежыць ад аб’ёму выкананых прац, -- патлумачылі мне ў Нацыянальным статыстычным камітэце, -- Ну, некаторыя з іх усё роўна не адхадзілі пэўныя дні, калі ўсю гэтую працу яны павінны былі выканаць. Бальнічныя мы не аплачваем.
2. Кампенсацыі платнікам не прадугледжана
За навучанне на журфаку БДУ у месяц атрымліваецца больш за 300 тысяч. А месяц перапісу – фактычна выкінуты з вучобы.
-- Па ідэі нам павінны зрабіць пераразлік, -- расказвае Дар’я, -- Але калі мы звярнуліся ў бухгалтэрыю БДУ, над намі проста пасмяяліся.
Аднак студэнты БДУ не збіраюцца проста так здавацца.
-- Насамрэч, гэта юрыдычна неправамерна. Тут варта пракансультавацца з юрыстам. Думаю, што калі ўсе платнікі і іх бацькі разам будуць скардзіцца і абурацца, то універ вымушаны будзе пайсці нам насустрач, -- сцвярджае Наста.
3. Якія пытанні, такія і адказы
Нацыянальнаму статыстычнаму камітэту прыйдзецца доўга пастарацца, расшыфроўваючы адказы перапісных бланкаў. Рэспандэнты ўпарта не хацелі прызнавацца, ёсць у іх кампутар ці не, а таксама паведамляць пра сваё месца працы.
-- На маім участку большасць баялася адказваць на пытанні пра дадатковую жыллёвую плошчу і падключэнне да інтэрнету. Ды і мне самой было няёмка іх задаваць, -- прызнаецца Наста, -- Гэта што перапіс насельніцтва ці перапіс маёмасці. Такое ўражанне складвалася, што ты на падатковую інспекцыю працуеш.
Таксама, па словах студэнтаў, было цяжка распытваць пра жыванароджаных дзяцей ці запісваць жывым нябожчыка, які памёр пасля 14 кастрычніка.
4. Наўрад ці можна будзе верыць вынікам
Дадзеныя пра людзей, якія па нейкіх прычынах не адкрылі дзверы былі ўзятыя з ЖЭСаў. Пасля кантрольнага абходу некаторыя дадзеныя былі ўдакладнены, аднак шмат чаго перапісчыкі дапісалі самі. Па загадзе інструктараў.
-- Мая інструктарка загадала мне запаўняць і іншыя палі, акрамя імені і даты нараджэння. Мову, адукацыю і іншыя пытанні я запаўняў як ручка падкрэсліць, -- расказвае Віктар, -- Калі я паспрабаваў пратэставаць, яна сказала, што перапісаны павінны быць усе. Маўляў, закрытых кватэр не павінна быць.
Па словах Віктара, у яго засталося 25 закрытых кватэр са 115. А значыць 20 адсоткаў няправільнай інфармацыі толькі па яго перапісным участку.

5. Перапіс можна было адкласці
-- Многія людзі так і казалі, што перапіс нам не патрэбны сёлета. калі крызіс, калі ў бюджэце так няма грошаў, -- распавядае Наста, -- Па папярэдніх дадзеных, дзяржава патраціла каля 21 млрд. рублёў. Што ў нас зараз з усімі нашымі пазыкамі ёсць грошы так кідацца?
-- Перапіс ёсць ва ўсіх цывілізаваных краінах, -- сцвярджае Дар’я, -- аднак там гэта прыраўноўваецца да валанцёрства, без якога студэнту нельга паступіць ва універсітэт. Так што там гэта заматывавана. У нас жа як прымушалі, так мы і працавалі. таму і вынікі будуць адпаведныя.//Мікола Ляўчук










Даслаць камэнтар