Купалаўскi тэатр працягвае несцi "свой крыж": звяртаецца да твораў, якiя раскрываюць сутнасць беларускай душы. Аднак як 120 гадоў таму аповесць Элiзы Ажэшкi "Хам" выклiкала спрэчкi наконт iснавання гэтай самай душы, так i спроба ўвасобiць гэтую гiсторыю на сцэне сёння многiх здзiвiла. Чаму?
Крыж выплывае з туману, цi гэта надта падобная на яго мачта рыбацкага судна, якое плыве па рацэ? Пракручваюцца па сцэне скрыжаваныя бэлькi, нагадваючы пра тое, што ў жыццi шмат што iдзе па коле лёсу, але ў кожнага ён будзе залежаць ад уласнага выбару. Чый гэта крыж: герояў Франкi ды Паўла? Альбо рэжысёра Аляксандра Гарцуева, якi ўзяўся за пастаноўку "Хама"? Тое, што хтосьцi ў вынiку будзе распяты, рызыкуючы застацца незразумелым, ты адчуваеш ад самага пачатку спектакля. Не ў малой ступенi дзякуючы працы мастака Ігара Анiсенкi, бо праз удалую сцэнаграфiю распавядаецца гiсторыя дзвюх душ, якiя пакутуюць — кожная па-свойму.
Крыжык на памяць
Спадарыня Элiза Ажэшка пiсала сваю аповесць у той час, калi арыстакратычныя колы польскага грамадства беларусаў лiчылi i называлi "хамамi". Яна ж любiла сваю зямлю, хоць i пiсала па-польску. Па-польску i дала свой адказ на знявагi народа, якi ведала. Нездарма ж iдэальным чалавекам ў яе аповесцi стаў звычайны рыбак. Але не проста рыбак, гэта, хутчэй, вобраз-сiмвал — увасабленне лепшых рысаў свайго народа. Працавiты, моцны, самаахвярны, ён умацоўваецца духоўна з дапамогай шчырай малiтвы, здольны любiць нягледзячы нi на што, гатовы дараваць здраду i стаць апорай для чужога дзiцяцi. Няма чаго дзiвiцца, што жанчына-пiсьменнiца знайшла магчымасць данесцi свае рамантычныя думкi пра народ менавiта праз лiнiю кахання селянiна Паўла да польскай паненкi-сiраты Франкi, якая вымушана працаваць пакаёўкай. Зусiм не здзiўляе, што "Хама" даволi актыўна ставiлi першыя беларускiя тэатры — на пачатку ХХ стагоддзя, калi шмат трэба было асэнсаваць. Прайшло сто гадоў...
Асэнсоўваць усё яшчэ ёсць што. Iншая справа, што цяпер усе iмкнуцца быць рэалiстамi i не схiльныя да iдэалiзацыi чаго б там нi было. Калi ўлiчыць, што Элiза Ажэшка не адносiцца да лiку самых чытальных пiсьменнiц i кантэкст стварэння аповесцi мала каму зразумелы, то брацца за пастаноўку гэтага твора ў тэатры было рызыкоўна. У нашых умовах рызыка — вельмi часта няўдзячная справа.
Успрымаюць сёння "Хама" больш як шчымлiвую гiсторыю з галоўнай лiнiяй кахання. Рэжысёр спектакля "Хам" Аляксандр Гарцуеў пэўна гэта разумеў, таму ўзяў яе за аснову. Верагодна, разумеў i тое, што ў свядомасцi сучасных людзей паняццi граху i чысцiнi, Бога i бесу, якiя кiруюць учынкамi людзей, могуць успрымацца зусiм па-iншаму, чым у часы стварэння пiсьменнiцай гэтых вобразаў. I я зусiм не выключаю, што гэтыя паняццi могуць падавацца нават смешнымi ў нашым свеце — "сапсутым", як казала адна гераiня. А кожны, як вядома, глядзiць праз прызму ўласнай "сапсутасцi".
Крыжаванка з характарам
Таму з вышынi (цi наадварот?) сённяшняга часу можа здзiвiцца, чаго герой спектакля, гэты "лапух" Павел (акцёр Iгар Дзянiсаў) зацыклiўся на нейкай "аторве" i ўсё чакае, калi яна зменiцца? Ды чаму Франка (актрыса Валянцiна Гарцуева) так мiтусiцца, iмкнучыся знайсцi сабе месца, крычыць ад гора — падумаеш, мужчыны падманвалi, жыццё не склалася. Каб з-за нейкiх там няўдач у асабiстым жыццi вось так кiдацца? Ну, не, гэта занадта... Неяк больш прыстойна трэба пакутаваць. Урэшце, дзе жаночы гонар?
Пакутаваць сапраўды можна па-рознаму. Можна цiха плакаць, а можна крычаць ад болю, палохаючы ўсiх навокал. Элiза Ажэшка прыдумала гераiню, якая жыве страсцямi, яна ўвасабляе сабою грэх. А грэх — гэта агiдна. Мне не падабаецца гэтая Франка. Хоць яе i шкада, яе паводзiны выклiкаюць у мяне абурэнне чыста па-чалавечы. Як сабе хочаце, але я так не рабiла б. Зноў-такi — з вышынi сённяшняга часу. А можа гэта ўсё не проста так — i мне насамрэч не падабаецца грэх, якi вось такiм чынам увасоблены ў Францы?! Што i патрабавалася...
Але цi падабаецца мне Павел? У прынцыпе, ён поўная супрацьлегласць Францы. I менавiта ён "хам", галоўны станоўчы герой, прыклад таго, якiм адданым можна быць, як доўга ўмець чакаць, глыбока верыць, бясконца дараваць. I ўсё ён выносiць стрымана, непахiсна, як скала. Вось! Магчыма, гэта мяне i напружвала — я не адчувала чалавека. Не адчувала героя, якi нясе святло, на якога хочацца абаперцiся. I ў нейкi момант злавiла сябе на думцы, што разумею, чаму ад такога Паўла захацела збегчы жанчына. З такiм хмурным мужам сапраўды магло быць невыносна. I гледзячы на такога персанажа, апошнюю фразу гераiнi захацелася перайначыць. "Тваё дабро мяне перамагло", — сказала яна i пайшла зводзiць рахунак з жыццём. Значыць, пайшла здзейснiць самы жудасны грэх — самазабойства. Што каго перамагло — таксама пытанне. I такога Паўла мне чамусьцi не хочацца лiчыць добрым ратавальнiкам iншай душы. Хiба што забойцам чужога граху.
Па-за скрыжаваннямi
Вось ён у вынiку i застаецца адзiн з дзiцем на руках. Самотны, хоць жыў сярод людзей. Яшчэ адно цiкавае пытанне ў тым, цi жылi людзi? Сцэна час ад часу напаўняецца персанажамi — па меры неабходнасцi. Гэта сяляне, у якiх усё загадзя вядома i прадвызначана. Акцёры выходзяць, стаяць амаль нерухома, прамаўляюць фразы — i сыходзяць. Канешне, можна падумаць, што дрэнна iграюць. Аднак жа зусiм нядрэнныя акцёры. Што такое, чаму яны нiбыта нежывыя? Шукаю разгадку: а цi ж iснаванне iх герояў можна назваць жыццём? Пэўна, так было задумана. Вось на фоне такога звычайнага рытму, безумоўна, абсалютным дысанансам глядзiцца прага Франкi да жыцця ў самых розных i адчайных яго праявах. Жыццё там, дзе кiпяць пачуццi. Жыццё там, дзе дабро i зло высвятляюць адносiны, дзе высвятляюць адносiны мужчына з жанчынай, паненка з селянiнам.
Праз душэўныя пакуты яны праходзяць нiбыта праз масткi, якiя час ад часу ўзнiмаюцца на сцэне. Па меры таго, як непаразуменнi памiж героямi наблiжаюць iх да безданi, — масты знiкаюць. Знiкаюць масты, якiя звязваюць сацыяльныя слаi. Знiкаюць масты, якiя вядуць да разумення памiж мужчынам i жанчынай. Руйнуюцца сувязi памiж чалавекам, якi ахвяруе дзеля iншага, i тым, хто не можа прыняць такую ахвяру. Гэта нiбыта масты памiж Богам i д'яблам, якiя кiруюць чалавечымi ўчынкамi. А без iх чалавек рызыкуе застацца адзiн на выспе. I дабрыня сама па сабе не робiць яго шчаслiвым. А што тады? Магчыма, вось гэтае "жыць дзеля iншых".
Гэта ёсць у аповесцi, да якой захацелася звярнуцца пасля спектакля. Я не буду разважаць пра тое, якiм ён атрымаўся, бо думкi круцяцца вакол iдэi абсалютнага дабра: а што яна значыць у наш час?//www.zviazda.by










frank
l l l l l l l l l l l l l l l l l l l l l l l l l l l l l
Даслаць камэнтар