У мінулую пятніцу старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Зянон Ломаць адказаў на пытанні "прамой лініі" Мінскай вобласці.
Большасць зададзеных пытанняў датычылася жыллёва-бытавых умоваў. Жаліліся на смеццевыя бакі на дзіцячых пляцоўках, незаасфальтаваныя дарогі, адсутнасць у дамах капітальнага рамонту. Шматдзетныя мамы зважалі на тое, што жывуць у невыносных умовах, а мясцовыя ўлады адмаўляюцца даваць жыллё. Акрамя таго, цікавіліся, чаму пасцельная бялізна, запавесы, цацкі, кнігі і нават вапну на рамонт у дзіцячых садах набываюць за рахунак бацькоў. Зянон Кузьміч запэўніў, што грошы з бюджэту на гэта вылучаюцца і паабяцаў вырашыць пытанне.
У асноўным датэлефаноўваліся жыхары з сельскай мясцовасці. Тамака востра стаіць пытанне медыцынскага абслугоўвання. Пенсіянерка з Любаньскага раёна жалілася на тое, што ў іх вёсцы зачынілі лякарню. Няма свайго лабаранта, хуткую дапамогу трэба чакаць гадзінамі.
Сярод арыгінальных зваротаў можна адзначыць званок мужчыны, які прасіў аб дапамозе на падаванне патэнта па папярэджанні ДТЗ. Ён запэўніваў, што яго вынаходства дапаможа ў разы скараціць колькасць аварый на дарогах. Старшыня КДК абяцаў звязаць яго з патрэбнымі людзьмі з міністэрства.
Былі і звароты "не па адрасе": Зянона Кузьміча прасілі ўсталяваць судовую ісціну і праверыць, ці не парушаюцца правы чалавека. Шматлікія пытанні маглі быць вырашаныя на мясцовым узроўні: скаргі на тое, што цячэ дах, няма лазні і г.д.,- калі бы людзі ведалі, да каму і ў якой форме трэба звяртацца. Напрыклад, датэлефанавалася грамадзянка, упэўненая ў тым, што яе суседка нахабна крадзе электраэнергію. Пенсіянерка аппелявала тым, што суседка плаціць значна менш, чым яна.
Паступілі і сігналы аб карупцыйных праявах. Жыхар Барысаўскага раёна распавёў, што мясцовы старшыня калгасу і аграном незаконна прадаюць гародніну. ОБЭП меў разгляд з правапарушальнікамі, але тыя працягваюць працаваць на ранейшых пасадах.
КДК зарэгістраваў 23 900 спроб датэлефанавацца на "прамую лінію". Па словах старшыні Камітэта дзяржкантроля, "гэтая лічба насцярожвае". Датэлефанавацца атрымалася 100 чалавекам, адказ быў дадзены на 41 пытанне. Судзячы па тым, якімі былі адказы, можна казаць пра тое, што гутарка Зянона Ломаця з жыхарамі Мінскай вобласці прайшла пад дэвізам "Запісалі. Разбярэмся. Дапаможам".//Адар'я Гуштын













frank
l l l l l l l l l l l l l l l l l l l l l l l l l l l l l
Даслаць камэнтар