"Чым страшней, тым смяшней"
Штодня каля 150 чалавек наведвае кунсткамеру на Крэшчаціку ў Кіеве. Хто гэтыя наведвальнікі і пра што ім распавядаюць, высвятляла Адар'я Гуштын.
Памяшканьне кунсткамеры ўяўляе сабой склеп, дабрацца да якога можна па мудрагелістых усходах. На сьценах жахлівыя карціны падрыхтоўваюць наведвальнікаў да выставы. Касір Анжэла з зачараваньнем распавядае пра тое, што менавіта ў іх установе можна зьняць стрэс і атрымаць адрэналін, ахоўнік Мікіта абдымае ўсіх дзяўчын, якія заходзяць, і абяцае напалохаць іх да сьмерці, прадавец розыгрышаў Арцём з зачараваньнем дэманструе кліентам памаду, якая б'ецца токам і прэзерватыў, які можна выкарыстоўваць да 15 разоў. На фоне чутныя крыкі з пакоя страху, а ў суседнім пакоі экскурсавод Сяргей, у мінулым кінолаг, распавядае наведвальнікам музея аб анамаліях чалавечага цела.
- Сяргей, хто вашы асноўныя наведвальнікі?
- Звычайна да нас прыходзяць маладыя людзі да 35 гадоў. Для іх гэта спосаб пацешыцца, зьняць напруджаньне. Радзей прыходзяць медыкі. На днях была жанчына, якая 30 гадоў працавала акушэркай. Экспанаты яе ўразілі.
-Скажыце, а экспанаты кунсткамере сапраўдныя?
-38 экспанатаў - сапраўдныя. Як правіла, гэта дзеці, ад якіх бацькі адмовіліся. Напрыклад, дзяўчынкі-сіямскія двайняты з Палтавы. Пры выкрыцьці было выяўлена, што ў іх адно лёгкае на дваіх, таму пражылі малыя ўсяго два гадзіны. Або дзіця-гуманоід з поўнай адсутнасцю скуры і дэфармацыяй цела - гэтае наступства таго, што яго маці працавала ў радыёактыўнай зоне. Ёсьць таксама васковыя копіі экспанатаў Пецярбургскай кунсткамеры.
- Якую мэту вы перасьледваеце, калі распавядаеце аб выставе: забавіць народ або гэта прапаганда здаровага ладу жыцьця?
- Я распавядаю аб экспанатах праўду. Аб тым, што ад гэтых дзяцей адмовіліся бацькі-алкаголікі, менавіта з-за прыхільнасьці да алкаголю хлопчык-цыклоп нарадзіўся з мужчынскай геніталіяй у ілбе. Або наступны экспанат - прыклад бязглуздай цяжарнасьці: дзяўчынка зацяжарыла ў 15 гадоў, хавала гэта ад бацькоў, перавязвала жывот, і ў выніку немаўля нарадзілася з паталогіяй канечнасьцяў: няма ні ручак, ні ножак. У нас ёсьць і экспанаты асобна ўзятых органаў: печань здаровага чалавека і побач прыклад цырозу печані або лёгкія чалавека, які паліць і што ня паліць. Кожны сам робіць для сябе высновы. Некаторыя прыходзяць пасьмяяцца, але пасля таго, як пачуюць аб чыньніках падобных анамалій чалавечага цела, задумваюцца над уласным ладам жыцьця.
- Але Вы самі вядзеце здаровы лад жыцьця?
- Я не палю. З спіртнога люблю выпіць зь сябрамі піва пасьля працы. Пасьля таго, як пачаў тут працаваць, перастаў купляць сыну колу і спрайт. Сам правяраў: спрайтам лёгка чысьціцца шумавіньне з электрачайніка, а кока-колай можна адмываць плямы з кафлі.
- Але па прафесіі Вы кінолаг. Ці лёгка было перастроіцца на новую працу?
- Я працую тут паўгады. За гэты час у мяне было толькі шэсьць выходных. Спачатку цяжка было звыкнуць. Людзі розныя прыходзяць, у тым ліку і параноікі, і нэрвовыя. Адны падаюць у непрытомнасьць, іншыя заліваюцца сьмехам. Але чалавек да ўсяго абвыкае!
- За шкоднасьць вам даплочваюць?
-(усьміхаецца). Так, у выглядзе прэміі.
-Як ставяцца вашы родныя і блізкія да падобнага роду заняткаў?
-Жонка доўга не магла звыкнуць. Адгаворвала спачатку. Адмаўлялася прыйсьці і паглядзець на экспанаты, але потым проста прыняла гэта як месца маёй працы. Тым больш, гэта жа не на ўсё жыцьцё…
-А наогул, з чым звязана зьмена месца працы? Па сабаках не нудзіцеся?
- Раней я зарабляў каля 200 даляраў. Тут я атрымліваю больш. А да сабак я яшчэ абавязкова вярнуся. Адкрыю сваю киналагичную школу. Такая мара, якая, веру, ажыцьцявіцца.
На выхадзе двое маладых людзей на пытаньне: "Ну як? Страшна?" упэўнена адказалі: "Чым страшней, тым смяшней", зацягнуліся цыгарэтай і з прыпаднятым настроем адправіліся дадому.// Адар’я Гуштын











frank
l l l l l l l l l l l l l l l l l l l l l l l l l l l l l
Даслаць камэнтар