Праходзячы па прашпэкту Незалежнасьці, не праходзьце міма: у кінатэатры “Цэнтральны” працягваецца фотавыстава, якая зьдзівіць вас арыгінальнасьцю ідэі і спалучэньнем аксэсуараў на фота. Праглядзеўшы яе, вам абавязкова захочацца наведаць рынак Жданы, дакладней - самую каларытную яго частку.
Рэспубліка Беларусь. Ждановічы
Выстава фота-дызайну Артура Вакарава “Wonderland. Артыкулы Поля Цудаў” – гэта экскурс па ўсім вядомай “барахолцы” ў Ждановічах.

Аўтар распавядае, што “на працягу некалькіх месяцаў штовыходныя езьдзіў у Ждановічы за чароўнай дозай творчага кайфу. Шукаў сваю выяву сярод неймавернага гармідару Поля Цудаў. Кіраваўся пры здымках адзіным правілам – здымаць менавіта так, як стаяла-вісела-ляжала. Ніякіх пастановак. Апроч здымкаў, вельмі цікавым былі зносіны з “цудатворцамі”, “жыхарамі” Поля. Часта гэтыя зносіны былі неабходнай умовай атрыманьня дазволу на здыманьне “тавараў”.
Кожная рэч мае сваю гісторыю. У гэтым пераконваешся, калі бачыш на фотаздымку аўдыёкасеты і шарыкавыя мышкі, лялькі Барбі ўзору 90-х і савецкія берцы.
Працы Артура Вакарава – гэта спалучэньне 100% дакумэнталістыкі і яркага аўтарскага дызайну, дзе важны кожны колер, прадмет і асацыяцыя. Яркія фарбы і вобразы падымаюць настрой, і хочацца самой адправіцца на Ждановічы, каб убачыць на свае вочы, так бы мовіць, працяг выставы. Сам аўтар фотаздымкаў прызнаецца, што “дадзеная выстава з’яўляецца хутчэй папярэдняй справаздачай пра напрацаваны матэрыял”.
Убачыць на свае вочы
Працы Вакарава насамрэч захопліваюць настолькі, што працяг “цудаў” хочацца ўбачыць найхутчэй. Таму еду на Жданы-барахолку самастойна.
Адпраўляцца на гэтую частку рынку са сьпісам таго, што трэба набыць, бессэнсоўна, бо заўсёды можна нечакана натыкнуцца на цікавостку і дзіва, якога так не хапала ў вашай кватэры ці нават у жыцьці. Тут шмат жалезак, якія пасьпяхова “сышлі” з мясцовых прадпрыемстваў і каштуюць у два разы таньней, чым у крамах. Тут адзеньне, якое больш не апрануць
дзеці 80-х, і цацкі, зь якімі яны больш не пагуляюць. Тут медалі і ордэны дзядоў, якія абаранялі нашу Радзіму ў Вялікую Айчынную вайну. Кошт узнагарод, дарэчы, пачынаецца ад 10 тысяч рублёў. Праходзячы шэрагі, якія знаходзяцца на незаасфальтаванай дарозе, можна вывучаць савецкую гісторыю ў партрэтах і бюстах: Ленін і Дзяржынскі, Кіраў і Брэжнеў, Маякоўскі і Ясенін... Кнігі, якімі зачытваліся нашыя бабулі («Поднятая целина», «Как закалялась сталь», «Мать» і інш.), зараз каштуюць капейкі. Пузатыя самавары і запыленыя грамафоны перадаюць увесь рэтра-дух. Гэта варта таго, каб убачыць!
Шмат рэчаў, якія ўтвараюць творчы яркі хаос, здолеў “злавіць” і “затрымаць” у сваіх працах фота-дызайнер Артур Вакараў. Яго “Поле цудаў” можна ўбачыць да 17 кастрычніка ў галерэі “Zнята”, што ў мінскім кінатэатры “Цэнтральны”. //Адар’я Гуштын










frank
l l l l l l l l l l l l l l l l l l l l l l l l l l l l l
Даслаць камэнтар