Навуковая канцэпцыя Дзяржаўнага гістарычнага музея Беларусі будзе падрыхтавана да 1 лістапада бягучага года. Аб гэтым паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі ў Мінску дырэктар Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі Сяргей Вечар.
Над канцэпцыяй музея працуюць Нацыянальны музей гісторыі і культуры, які і будзе Дзяржаўным гістарычным музеем, Інстытут гісторыі і Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі. Канцэпцыя будзе рэалізавана ў цяперашнім будынку на вул. К.Маркса, 12. Музей прыроды і экалогіі, які знаходзіцца тут жа, мяняе падпарадкаванне і пяройдзе з Міністэрства культуры ў сістэму Міністэрства прыроды і аховы навакольнага асяроддзя, а таксама пакіне плошчу, якую цяпер займае.
Дзяржаўны гістарычны музей размесціцца і ў будынку па вул. Фрунзе, 19. Гэты будынак перададзены Нацыянальнаму музею гісторыі і культуры для захоўвання фондаў, паколькі сёння плошчы для гэтага недастатковыя. Будынак па вуліцы Фрунзе, 19 уключаны ў Дзяржаўную інвестыцыйную праграму, запланаваны яго капітальны рамонт. Цяпер распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя па рэстаўрацыі цэнтральнай часткі будынка, у наступным годзе будуць падрыхтаваны дакументы па праваму флігелю. Тэрмін выканання работ па праекту - 3,5 года, сказаў Сяргей Вечар.
У адрэстаўрыраваным будынку будуць размешчаны не толькі фонды музея, але таксама і рэстаўрацыйныя майстэрні, Дзяржаўны каталог музейнага фонду Беларусі, які цяпер ствараецца. Вялікая плошча будзе адведзена для адкрытага захоўвання фондавых калекцый. Іх змогуць бачыць і наведвальнікі. Такая практыка даўно існуе і добра сябе зарэкамендавала, адзначыў Сяргей Вечар. Тут будзе паказана экспазіцыя "Беларуская традыцыйная культура", паколькі музей мае вялікую калекцыю.
Каля ўваходу ў будынак Дзяржаўнага гістарычнага музея па вуліцы Фрунзе першапачаткова планавалася ўстанавіць фантан. Аднак цяпер прапанавана размясціць гістарычную скульптуру. Магчыма, гэта будзе скульптура першаму князю горада Мінска Глебу, сказаў Сяргей Вечар.
//БЕЛТА










Даслаць камэнтар