У апошні час назіраецца дзіўная тэндэнцыя – усё больш і больш новых гуртоў і спевакоў выходзяць на беларускую сцэну. Нехта з іх становіцца мегапапулярным, а нехта і наадварот. Звычайныя музыкі прыходзяць і сыходзяць, а самыя файныя з іх застаюцца назаўсёды. Ітак...Сустракайце ЗДАРОВЫЯ ЛОСІ IQ-48!!!
Напэўна зараз амаль ніхто не памятае, што калісьці існаваў гурт “Чудо план”, у якім гралі некаторыя музыкі- IQ юшкі, але лёс склаўся так, што гурт распаўся...І вось з гэтага часу і пачалася новая хваля ў творчым жыцці музыкаў. Хлопцы зрабілі рэпавы дуэт, яны чыталі свае тэксты пад музыку, якая была запісана на дыску. А крышку пазней ASH,BUZZA і ФРЭЙД вырашылі зрабіць поўны жывы гурт са сваімі словамі і музыкай. Такім чынам у 2001 годзе з’явіўся новы гурт IQ 48, удзельнікамі якога з’яўляюцца ASH, BUZZA, ФРЭЙД, АНТОН, КОСЦЯ, ДЗЯНІС. Хлопцы здолелі ўтварыць музычны кактэйль з хіп-хопу, кантры, панку дабавіць дыска і атрымаць вельмі файную, а самае галоўнае арганічную музыку, з якой спалучаюцца пазітыўныя і разважлівыя тэксты, якія закранаюць сэрца кожнага з нас.

IQ 48 адказалі на пытанні Moladz.org:
Ці ёсць у вас музычная адукацыя?
Музычная адукацыя ёсць толькі ў нашага саксафаніста Дзяніса, а мы вывучалі ўсё самастойна. Самае галоўнае не наяўнасць адукацыі, а імкненне і жаданне рабіць добрую музыку, якая б прыносіла задавальненне не толькі сябе, але і слухачам.
Як называлася першая песня, якую вы запісалі? І дзе адбыўся першы канцэрт?
Першай песняй для гурта IQ 48 была Таполі, а першы канцэрт мы адыгралі ў менскім клюбе “Танэль”.
Ці памятаеце першую раніцу калі адчулі сябе знакамітымі?
А мы знакамітыя?)) Насамрэч, поспех прыходзіць паступова...Нельга сказаць, што мы напісалі першую песню, адыгралі канцэрт і нас звалілася ўсевядомасць. Гэта праца не аднаго месяца і нават года.
Як нараджаецца музыка і тэксты?
Заўсёды бывае па-рознаму...Спачатку можа быць адзін радокі і, калі прыходзіць натхненне нараджаецца песня, а потым пішацца музыка, робіцца аранжыроўка. Але можа быць і зусім наадварот. Усё залежыць ад настроя і Музы)
Як вы ставіцеся да Басовішча?
Басовішча - самы любімы фэст. Мы занялі там першае месца ў 2003 годзе. Што датычыцца арганізацыйных зменаў, то тут варта адзначыць, што фармат фэстываля павялічыўся ў параўнанні з самымі першымі гадамі. Таксама тэхнічны ўзровень стаў значна лепшым. Вельмі добра, што Басы могуць стаць першым сур’ёзным крокам для пачынаючых гуртоў і даюць магчымасць маладым музыкам запісаць якасны альбом.
Якія фестывалі вас уразілі ў мінулым годзе?
Вельмі спадабаўся фестываль Be2Gether, які прайшоў у мінулым годзе ў Літве. Вельмі б хацелі з’ездзіць на такое мерапрыемства яшчэ раз.
Якія вашы творчыя планы на бліжэйшы час?
Будзем запісваць 2 альбом, у склад якога хутчэй за ўсё вайдуць 12 песен. Некаторыя з іх вы маглі чуць на канцэртах, а некаторыя будуць зусім новенькія. Таксама наперадзе канцэрты, канцэрты і Басовішча 2008.
Дзе будзеце граць бліжэйшыя канцэрты?
27 сакавіка ў DAClub пройдзе канцэрт «Tribute to Depeche Mode», а ўжо 30 сакавіка мы зайграем у Варшаве на канцэрте “Салідарны з Беларуссю”.
З якімі гуртамі вам прыемней граць на адной сцэне?
Безумоўна, што канцэрты з сябрамі па музычнаму цэху праходзяць лепей і весялей. Больш за ўсё нам падабаецца ладзіць супольныя канцэрты з гуртамі :B:N:, ZET. Але мы заўсёды з вялікім задавальненнем граем з іншымі гуртамі, галоўнае каб канцэрт быў цікавы.
Што б хацелі сказаць на развітанне.
Шчыры дзякуй нашым слухачам за тое, што прыходзяць на нашы канцэрты, набываюць дыскі. Нам вельмі прыемна, што людзі разумеюць гумар нашага спецыфічнага гурта)). На прыканцы хацелася б пажадаць усім людзям пазітыву, узаемаразумення і ўсяго найлепшага.
Moladz.org жадае IQ 48 творчых поспехаў, плённай працы і мноства канцэртаў з добрай публікай.
//Moladz.org










Даслаць камэнтар