Важнай падзеяй гэтага года ў адукацыйнай сферы стала прыняцце закона "Аб вышэйшай адукацыі". Такую думку ў інтэрв'ю БелаПАН выказаў старшыня камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Здановіч.
"Мы разлічвалі, што з набыццём моцы закона завершацца ўсе спрэчкі наконт таго, якой быць сістэме вышэйшай адукацыі, але цяпер бачым, што гэтыя спрэчкі не спыняюцца, і адным законам тут усё не вырашыць", — сказаў парламентарый.
Спрэчкі паміж тымі, "хто падтрымлівае ранейшую сістэму адукацыі", і тымі, хто "імкнецца як мага хутчэй увайсці ў Еўропу і прыняць на ўзбраенне еўрапейскую сістэму", ён назваў "спрадвечнай праблемай". На думку У.Здановіча, у гэтым напрамку "неабходная яшчэ вельмі працяглая праца". Ён заўважыў, што дэпутаты ў дадзеным выпадку выступаюць у ролі пасярэднікаў. "Таму мы прымаем усё добрае, што было ў савецкай сістэме адукацыі, а таксама вельмі ўзважана — некаторыя элементы еўрапейскай, — сказаў ён. — Мы, перш за ўсё, думаем пра тых дзяцей, якія павінны застацца ў нашай дзяржаве, зыходзім з інтарэсаў краіны".
У.Здановіч таксама заўважыў, што па-ранейшаму не спыняюцца спрэчкі наконт сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі: адзінаццаць або дванаццаць гадоў вучыцца ў школе. "Мы бачым, што працэс навучання ўжо цяпер дванаццацігадовы, — заўважыў ён. — Пры гэтым працягласць навучання можа стаць яшчэ большай: навучанне або падрыхтоўка да школы пачынаецца ўжо з 5 гадоў". На яго думку, рашэнне наконт гэтага павінна прымацца на самым высокім узроўні.
Робячы прагнозы на будучы год, дэпутат заўважыў, што "невялікія змяненні ў сістэме адукацыі будуць адбывацца, як на ўзроўні заканадаўства, гэтак і ўрада, міністэрства, паколькі адукацыя не з'яўляецца застылай, статычнай сістэмай. Так, чакаецца, што ў будучым годзе будуць прынятыя нязначныя змяненні ў правілы паступлення ў ВНУ і ССНУ. "Вялікіх узрушэнняў у сістэме адукацыі не адбудзецца", — рэзюмаваў ён.













Даслаць камэнтар