У Берлін мы ўязджалі з “чорнага ўваходу”: пабачылі ўсе індустрыяльныя пабудовы, хрушчоўкі, п’яных ці-то палякаў, ці то немцаў у 8 раніцы. Дрэвы па дарозе нам трапляліся звычайныя, якія ад беларускіх асабліва не адрозніваюцца. Нават Ясеніну б тут спадабалася: бярозак было багата.
Першыя складанасьці
Калі Вы паедзеце ў Нямеччыну з упэўненасьцю, падобнай да маёй, што ў Эўразвязе ўсе разумеюць і ведаюць ангельскую мову, то расчараваньне да вас прыйдзе ўжо на вакзале. Заблукаўшы тут, паліцэйскія ня здолелі адказаць нам на пытаньні, больш таго яны не зразумелі, што мы пытаем.
У Берліне добра разьвітая сетка грамадскага транспарту. Разабрацца ў ёй можна за дзень. Існуюць “S-баны” – цягнікі, якія ездзяць па зямлі, а таксама “U-баны” – мясьцовае метро. Зручна тое, што ходзяць цягнікі ў буднія дні да 1 гадзіны ночы, а на выходных увогуле кругласуткава. Нязручна тое, што ўсе станцыі, абвяшчэньні і нават аўтаматы продажу квіткоў працуюць па-нямецку.