Зараз парламет абмяркоўвае магчымае скасаванне адтэрміноўкі ад арміі для студэнтаў-платнікаў. З падачы Уладзіміра Здановіча, старшыні пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічнаму прагрэсу Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага збору Беларусі платнікаў пасля заканчэння першага курсу будуць забіраць у армію.
Спадар Здановіч абгрунтоўвае сваю пазіцыю тым, што студэнты платнай формы атрымліваюць ніжэйшыя балы пры паступленні і не маюць размеркавання.Па словах Уладзіміра Здановіча, студэнты-платнікі “ў большасці выпадкаў па атрыманай спецыяльнасці не працуюць, не выяўляюць ніякай цікавасці да будучай прафесіі, частка з іх лічацца студэнтамі фармальна”. Маўляў яны паступілі ва універсітэт толькі, каб не ісці ў войска. Спадар Здановіч упэўнены, што менавіта з іх можна фарміраваць кантынгент салдатаў тэрміновай службы. Пасля арміі, абяцае Уладзімір Здановіч, будзе гарантаваны працяг навучання на ранейшых умовах там, дзе салдаты навучаліся да закліку. У перыяд службы ў войску не патрэбна будзе плаціць па крэдытах за навучанне.









