У метро малады чалавек перагортвае старонку за старонкай рамана Акуніна. На кніжных паліцах букініста ярка свецяцца кнігі Робскі, Сабчак, Ленінай. Кнігі пра Гары Потэра – самыя рэйтынгавыя сярод тых, якія спампоўваюць у інтэрнэце маладыя людзі. Аднакурснікі абмяркоўваюць Сарокіна, Мінаева, Пелевіна і зрэдку Веллера.
Тым часам на лекцыях мы чуем пра геніяльнасць і непаўторнасць Гарэцкага, нам задаюць знайсці абметнасць творчай манеры Шамякіна, прасачыць метафарычнасць у творчасці Дранько-Майсюка. У бібліятэках на выставах знаходзяцца кнігі Рублеўскай, але як прызнаецца бібліятэкар, яны проста стаяць на паліцы, іх не чытаюць. Дык чаму беларуская літаратура незапатрабаваная? Пра гэта спыталі беларускіх маладзёнаў.









