Паводле прыватнай амэрыканскай кампаніі “CryptoHippie”, якая спэцыялізуецца ў тэхналёгіі канфідэнцыйнасьці, Беларусь займае трэцяе месца ў рэйтынгу дзяржаў з самым моцным электронным кантролем. На першай і другой пазыцыі — адпаведна Кітай і КНДР. Чацьвёртае месца належыць Расеі.
Даклад грунтуецца на інфармацыі ад розных арганізацый, сярод якіх Цэнтар электроннай прыватнай інфармацыі (Electronic Privacy Information Center), “Рэпартэры бязь межаў”, Freedom House, Інстытут Людвіга фон Мізэса, фонд “Heritage Foundation”.
Публікацыя дакладу “CryptoHippie” выклікала пэўны скандал у заходніх СМІ. Як вынікае з дасьледаваньня, наступныя пасьля Расеі месцы займаюць такія дэмакратычныя краіны, як Вялікабрытанія, ЗША, Францыя, Ізраіль, Нямеччына.
Сёння ад імя дырэктара кампаніі «СОЛА» кліенты інтэрнэт‑правайдэра атрымалі дзіўны ліст.
У ім паведамлялася наступнае:
«Паважаныя абаненты ЗАТ «СОЛА»!
Дзяржаўнымі органамі Рэспублікі Беларусь (Савет Міністраў, Адміністрацыя Прэзідэнта, Дзяржаўны сакратарыят Савета Бяспекі) распрацаваны і прыняты комплекс мераў, накіраваных на недапушчэнне распаўсюджвання ідэяў экстрэмізму ў яго розных праявах у моладзевай сферы. У межах рэалізацыі гэтага комплексу мераў адной з ускладзеных на органы дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь задачаў з’яўляецца арганізацыя сумеснага (з зацікаўленымі структурамі) кантролю за выкарыстаннем кампутарных сетак у мэтах спынення распаўсюду праз іх магчымасці супрацьпраўных матэрыялаў.