Аператар мабільнай сувязі МТС запусціў у тэставым рэжыме новыя паслугі, якія дазваляюць абанентам адсочваць месцазнаходжанне адзін аднаго. Дастаткова “пазычыць” у прыяцеля тэлефон на пару хвілінаў, каб пасля трымаць яго пад каўпаком.
Прапановы «Сям’я пад наглядам» і «Мабільныя супрацоўнікі» маюць прыкладна аднолькавую скіраванасць. Першая накіравана на клапатлівых бацькоў, якія хочуць ведаць дзе швэндаюцца іх дзеці. Другая – на строгіх кіраўнікоў, якія не хочуць верыць, што іх падначаленыя таксама маюць асабістае жыццё.
Паслугі дазваляюць вызначыць месцазнаходжанне карыстальніка тэлефонам па бліжэйшых базавых станцыях. Тэставая бясплатная эксплуатацыя «Сям’і пад наглядам» працягнецца месяц, а «Мабільных супрацоўнікаў» — два месяцы.









