Знакамітая спявачка ў апошні дзень падала заяўку на беларускі адбор да “Еўрабачання”. А заспяваць нечакана вырашыла на роднай мове. Тэкст для новага хіта Дакоты напісаў вядомы паэт Глеб Лабадзенка.
Падача заявак на “ЕўраФэст” завяршылася ў мінулы аўторак 25 лістапада.
Да апошняга дня не было вядома, ці возьме ўдзел у конкурсе спявачка Дакота, адна з асноўных фаварытак.
У інтэрв’ю Еўрарадыё месяц таму яна пакрыўдзілася на беларускіх чыноўнікаў ад культуры, якія адмыслова яе не падтрымліваюць. Хоць у той жа Расіі 18-гадовая Дакота напраўду папулярная артыстка з мноствам фанклубаў у дзясятках гарадоў. Аднак паўдзельнічаць у беларускім адборы яе пераканалі прадзюсеры і расійскі Першы канал, з якім у спявачкі падпісаны кантракт.