Маладзевая інтэрнэт-пляцоўка "ВОКА" - гэтае месца сустрэчы прадстаўнікоў віртуальнага грамадства Беларусі. На сённяшні дзень "ВОКА" (ВГ"ВОКА") з'яўляецца супольнасцю маладых, актыўных, таленавітых беларусаў з ўсяго свету.
Маладзевая інтэрнэт-пляцоўка "ВОКА" - гэта беларускае інтэрнэт-супольнасць, накіраваная на выхаванне моладзі на глебе беларускай нацыянальнай ідэі, на данясенне яе да шырокіх колаў грамадства.
Асноўнымі задачамі ВГ"ВОКА" з'яўляюцца: агітацыйна-масавая дзейнасць па адраджэнню беларускай культуры, мовы, фармаванне ў людзей адказнасці за лёс сваёй дзяржавы, праява актыўнай грамадзянскай пазіцыі.
Наш інтэрнэт-рэсурс падае аб'ектыўныя замежныя і міжнародныя навіны, аналітычныя матэрыялы. Праект садзейнічае стварэнню грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, бо афіцыйнай мовай праекту з'яўляецца беларуская мова, падача матэрыялаў здзяйсняецца як з урадавых, так і з незалежных крыніц, якія ствараюць новы імідж маладога беларуса як паўнапраўнага еўрапейца, які разумее значнасць волі, творчай асобы і актыўнага грамадзяніна, здольнага законна пастаяць за свае грамадзянскія правы.
Мы актыўна супрацоўнічаем з шэрагам незалежных арганізацый, рухаў, ініцыятыў, інтэрнэт-праектаў і іншых грамадзянскіх інстытутаў.
Наша ініцыятыва была створаная ў снежні 2003 года. За час яе існавання каардынатарамі ініцыятывы было праведзена шмат разнастайных мерапрыемстваў, накіраваных на павышэнне актыўнасці грамадзянскай супольнасці.
Мы арганізоўвалі дыскусіі на тэму "Становішча беларускай мовы ў грамадстве", футбольныя чэмпіянаты "За беларускую мову", "За кубак "ВОКА", валанцёры "ВОКА" садзейнічалі ў арганізацыі і інфармацыйнай падтрымцы канцэртаў "Я люблю ліцэй", "Генералы айчыннага рока", "Моладзь за Беларусь", "Рок пасля вакацыяў 2005".
Акрамя гэтага былі праведзеныя акцыі, якія падтрымалі патрыятычныя арганізацыі нашай краіны і простыя людзі, якія неабыякава ставяцца да беларускай культуры. Напрыклад, акцыя "Зрабі-BY" была накіраваная на павелічэнне колькасці беларускамоўных старонак у Інтэрнэце (адным з першых адгукнуўся сайт, прысвечаны сталіцы нашай дзяржавы , а падчас правядзення акцыі да нас звярнулася мноства адміністратараў розных парталаў са словамі падтрымкі).
Мы выступілі аднымі з арганізатараў акцыі "Хочам вучыцца па-беларуску!" Сутнасць акцыі, якая праводзілася сумесна з моладдзю Беларускага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа і Задзіночаннем беларуских студэнтаў, складалася ў патрабаванні даць магчымасць вучыцца на роднай мове школьнікам і студэнтам, якія жадаюць мець беларускую адукацыю. Акцыя перарасла ў цэлую кампанію, якая праходзіла з 2004 па 2006 год.
Падчас падзення цікавасці да беларускай музыкі былі праведзеныя кампаніі "Штурм FM-1" і "Штурм FM-2", мэтай якіх з'яўлялася павелічэнне колькасці беларускіх песень і гучання беларускай мовы ў эфірах родных радыёстанцый. Таксама ў падтрымку кампаніі "Штурм FM" пачаў працу музычны інтэрнэт-рэсурс "Вызначым лепшую песню года": наведвальнікі сайта на працягу ўсяго 2004 года ўдзельнічалі ў сямі турах галасавання за найбольш упадабаныя беларускія песні і ў канцы года вылучылі пераможца.
Таксама нашымі актывістамі па ўсёй краіне праводзілася кампанія "За беларусізацыю МТС". Сутнасць гэтага праекта, распрацаванага сумесна з "Таварыствам беларускай мовы", складалася ў зборы подпісаў за стварэнне аператарам сотавай сувязі "МТС" беларускамоўных СМС-паведамленняў, аўтаматычнай службы сэрвісу абанента, інтэрнэт-сістэмы сэрвісу абанента на беларускай мове. На працягу некалькіх месяцаў былі сабраныя тысячы подпісаў, а таксама праведзеныя інтэрнэт-акцыі і флэш-мобы ў падтрымку кампаніі. У выніку кампанія "МТС" паабяцала напрыканцы года стварыць беларускамоўную версію сайта, а таксама разгледзець у бліжэйшы час магчымасць выканання астатніх патрабаванняў.
Сумесна з БМАgroup быў створаны "Фан-клуб беларускай музыкі", дзе кожны тыдзень збіраюцца аматары творчасці айчынных выканаўцаў, абмяркоўваюць пытанні, якія іх цікавяць, ў калектыве аднадумцаў і прафесійных музыкаў, якія даволі часта запрашаюцца на паседжанні клуба.
Намі былі выдадзеныя зборнікі вершаў "Наш час" і "Наш Час 2", якія цалкам складаюцца з твораў звычайных грамадзян Беларусі, абраных падчас галасавання на афіцыйным сайце ініцыятывы .










